Максім Капран: “Пакуль не пачнецца актыўная праца з простымі грамадзянамі, нічога не атрымаецца”

00fhfh З гісторыі агульных злётаў "зялёных" Беларусі 12 год таму. Пра мэты першага форума, пераадольванне перашкод і дасягненні, пра тое, якія актуальныя экалагічныя праблемы ёсць на Беларусі, Максім Капран расказаў greenbelarus.info.

Максім Капран – архітэктар, а раней журналіст, "зялёны" актывіст, экалагіст, удзельнік групы "ЭкаІнформ", рэдактар часопіса "Зялёны край" – спрычыніўся да развіцця зялёнага руху ў 1996-2001 гадах, каардынаваў арганізацыю па сутнасці першага Злёту "зялёных" Беларусі ў траўні 2001.

- Максім, раскажыце, з чаго вы пачыналі?

- У тыя гады мы рабілі выдавецкі праект "Зялёны край", і мы меркавалі, што такі форум паспрыяе пашырэньню вядомасці часопіса, думалі нават пра рэгістрацыю, падпіску і трывалае разьвіцьцё "Зялёнага краю".

Менавіта дзякуючы выданню "Зялёнага краю" была фінансавая магчымасьць правесьці сустрэчу экалагістаў. Сустрэча арганізоўвалася для таго, каб сабрацца разам, пазнаёміцца, падзяліцца вопытам актыўнасці, змагання з экалагічнымі праблемамі, скардыянаваць нашыя дзеянні. Калі казаць пра "зялёных" таго часу – на палову гэта былі студэнты, аспіранты і выкладчыкі каляэкалагічных спецыяльнасцяў. Вось вакол апошніх і гуртаваліся тыя, хто цікавіўся экалогіяй: школьнікі, тыя ж студэнты. Другая палова – актывісты, якім справа гэтая запала ў душу, якія хутка рэагавалі на тое, што адбываецца, былі гатовыя супрацьдзейнічаць і, калі давядзецца, і маршы пратэсту правадзіць, і дрэвы шыпаваць, ладзіць акцыі прамога дзеяння ды інфармацыю распаўсюджваць, датычную ўсялякіх "зялёных" альтэрнатываў. На мэце арганізатары форуму ставілі – прадставіць магчымасць "зялёным" сабрацца, і знайсці нейкія магчымасьці аб'яднаць свае дзеянні для мультыплікацыі эфекту.

- Якія гэта былі праблемы?

- Разумееце, на той момант для асэнсавання праблем трэбы было папярэдне разабрацца з гісторыяй экалагічнага руху. Таму за тры месяцы да самога форуму мы зладзілі "сустрэчу экспертаў" – сустрэчу са сталымі ўдзельнікамі зялёнага руху Беларусі, яшчэ за савецкім часам. Яны расказалі пра пра тое, над чым эколагі працавалі раней і што, на іх меркаванне, трэба вырашаць цяпер. Дарэчы, мы даведаліся, што рыхтуемы форум не быў першым – дастаткова маштабныя сустрэчы "зялёных" адбываліся, напрыклад, у канцы 80-х. Па выніках экспертнага абмеркавання быў складзены спіс тэзісаў для ўдзельнікаў Форума, ці Злёта, як тады яго называлі. Дыскусія праводзілася хутчэй не вакол таго, як вырашаць канкрэтныя праблемы, а наконт ролі "зялёных" у грамадстве і перспектыў кансалідацыі экалагічных сіл для эфекыўнага супрацоўніцтва для далейшага вырашэння экалагічных праблем.

- З якімі праблемамі вам прыйшлося сустрэцца ў працэсе арганізацыі?

- Мы планавалі запрасіць больш за сотню чалавек, а значыць, іх трэба было размяціць, накарміць і г.д. Сустрэча павінна была праходзіць на працягу трох дзён, але ў выніку тэрмін прыйшлося скараціць да аднаго дня. Справа ў тым, што за пару тыдняў да мерапрыемства нам адмовілі ў месцы правядзення. Мы знайшлі новае месца – санаторную базу Беларускай палітэхнічнай акадэміі, і раптам – за паўтара дні да падзеі – нам адмовілі. Прычым многія ўдзельнікі на той момант ужо спакавалі свае валізкі і сабраліся ў дарогу.Тады нас выратаваў Уладзімір Колас, які кіраваў Беларускім ліцэем, але размясціць нас яны змаглі толькі на адзін дзень і пад назовам "экалагічная навукова-практычная канферэнцыя". Канечне, ад многіх мерапрыемстваў і тэмаў да абмеркаваньня прыйшлося адмовіцца.

- І што ў выніку? Ці было дасягнута штосці з запланаванага?

- Шчыра кажучы, шмат часу адцягнулі аміністрацыйныя справы і я амаль не прысутнічаў на абмеркаваннях, але гледзячы па тым, што адбывалася далей, я б не сказаў, што нам удалося кансалідаваць людзей.

- Чаму?

- Гэта цяжкае пытанне... Можа быць, таму, што на той час не знайшлося ў розных экалагістаў агульных мэтаў – вось у чым рэч. Але я лічу, што мэтаў і асабістых, і агульных дасягнуць можна ў кааперацыі, хіба што гэта цяжэй у арганізацыйным плане, таму людзі ў кожным канкрэтным выпадку для сябе пралічваюць – ім аб'яднанне з кімсці прынясе больш плюсаў або мінусаў.

- Максім, як вы лічыце, што змянілася ў экалагічным сектары за гэтыя 10-12 гадоў?

- Ведаеце, зараз я займаюся крыху іншымі справамі. Але затое я магу меркаваць пра тое, што адбываецца, звонку. Дык вось, я не бачу нейкіх кардынальных пераменаў. Толькі што стала менш пратэстных акцый – па зразумелых прычынах. І, як звычайны грамадзянін, я адчуваю недахоп інфармацыі пра дзейнасць "зялёных". Мне здаецца, што інфармацыйную працу трэба актывізаваць, асабліва ў Інтэрнэце. Трэба чапляцца да тэм на форумах буйных рэсурсаў, пісаць каментары, звяртацца да аўдыторыі. Я лічу, што пакуль не пачнецца актыўная праца з простымі грамадзянамі, нічога сур'ёзнага не атрымаецца. І "зялёныя" будуць сядзець па сваіх норах і дажоўваць гранты. Таму мне здаецца, развіццё руху магчыма праз працу з людзьмі ды інфармаванне грамадскасці пра экалагічныя праблемы і варыянты іх рашэньня, пра патрэбу актыўнай грамадзянскай пазыцыі, пра пазітыўны досвед. І ўсё ж такі самае галоўнае – развіццё магчымае толькі пры вырашэнні экалагічных праблем, а не праз балбатню пра іх.

- Якія праблемы экалогіі для Беларусі вы лічаце самымі важнымі?

- Асноўная праблема – простыя грамадзяне не ведаюць пра тое, якія праблемы ў экалогіі ёсць. Напрыклад, калі працуе якое старое ці будуецца новае прадпрыемства, мала хто ведае, наколькі небяспечным будзе яно і адкіды, якія яно будзе выпрацоўваць акрамя прадукцыі.

Цяжкае пытанне таксама з экалагічнымі экспертызамі – як яны праводзяцца і кім. Ячшэ нядаўна мяне ўразіла нядаўняя інфармацыя, што аказваецца для развіцця Палесся трэба арганізаваць там беларускі Рур, здабыць там усе карысныя выкапні, што ёсць, і прадаць. Гэта, прабачце, "развод на бабло". Яны грошы распіляць, убухаюць, Палессе асушаць, здабудуць ці зруйнуюць усе яго багацці, а што жыхарам застанецца – адкіды і, мо, нейкая "сацыялка"? А хто будзе сплочваць дзяржаўныя крэдыты, якія пад усё гэта будуць узятыя?

Атрымліваецца, што нехта атрымае грошы, а мы і нашыя дзеці – запазычанасці. Таму так важна разумець, як усё звязана ў адзін вузел.

Ганна Нежавец

2020  Форум Общественных Экологических Организаций Беларуси